ЧЫГУ́НАЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозкі грузаў і пасажыраў па рэйкавых пуцях у вагонах з дапамогай мех. цягі (паравозы, цеплавозы, электравозы, матавозы і інш.). Асн. перавагі ў параўнанні з інш. відамі транспарту: універсальнасць (можа перавозіць разнастайныя сыпкія, вадкія, газападобныя і інш. грузы), вял. грузападымальнасць, правазная здольнасць, надзейнасць (мала залежыць ад умоў надвор’я). Сабекошт перавозкі грузаў на Ч.т. адзін з самых нізкіх. Першая ў свеце чыгунка агульнага карыстання з паравой цягай Стоктан—Дарлінгтан пабудавана ў Вялікабрытаніі ў 1825. У 1995 даўж. чыг. шляхоў у свеце склала 1180 тыс. км, з іх электрыфікавана 200 тыс. км. Найб. развіты Ч.т. у ЗША, Расіі, Кітаі, Індыі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Бразіліі.
Першая на Беларусі чыг. лінія Гродна—Парэчча даўж. каля 30 км пачала дзейнічаць у снеж. 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Найб. значэнне для развіцця Беларускай чыгункі мела здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871 чыг. магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 2-й пал. 19 ст. праз тэр. Беларусі прайшлі Рыга-Арлоўская чыгунка, Лібава-Роменская чыгунка, Палескія чыгункі і інш. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс. км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У 1920—30-я г. пабудаваны чыг. Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк—Баранавічы і інш. Зараз тэр. Беларусі перасякаюць 4 шыротныя і 4 мерыдыянальныя чыг. лініі. Важнейшая шыротная магістраль — двухпутная электрыфікаваная чыг. Брэст—Орша (найб. тэхнічна абсталяваная чыгунка Беларусі). На асобных яе участках скорасць грузавых паяздоў дасягае 100 км/гадз, пасажырскіх — да 140 км/гадз. З 1960-х г. пачалася электрыфікацыя чыгунак Беларусі. У 1966 на электрацягу пераведзены ўчастак Мінск—Маладзечна, у 1973 — Мінск—Асіповічы, у 1974 — Мінск—Барысаў, у 1975 — Мінск—Стоўбцы. На 1.1.2000 даўж. электрыфікаваных чыг. пуцей на Беларусі складае 894 км (16% іх агульнай даўжыні). Беларусь мае даволі густую сетку чыгунак (27 км на 1000 км²), саступае па гэтым паказчыку ў СНД толькі Украіне, Малдове і Арменіі. На долю Ч.т. ў 2001 прыпадала 74,3% усяго грузаабароту і 53% пасажыраабароту ўсіх відаў транспарту Беларусі. Аб развіцці Ч.т. на Беларусі гл. табл. 1.
Сярод грузаў, якія перавозяцца Ч.т. Беларусі, нафта і нафтапрадукты складаюць 27,3% ад усіх перавезеных грузаў, будматэрыялы — 26,3%, хім. ўгнаенні — 18,7%, лесаматэрыялы — 5,3%, цэмент — 2,9%, чорныя металы — 2,8%, інш. грузы — 13,9%. Транзіт міжнар. грузаў праз Беларусь у 2001 склаў 26,6 млн. Гл. таксама Беларуская чыгунка.
П.І.Рогач.
Табліца 1
Асноўныя паказчыкі развіцця чыгуначнага транспарту Беларусі
|
1990 |
1995 |
2001 |
| Чыгуначныя шляхі агульнага карыстання, км |
5569 |
5564 |
5529 |
| у т. л.электрыфікаваныя, км |
890 |
894 |
894 |
| Перавезена грузаў, млн. т |
121,5 |
47,1 |
51,1 |
| Грузаабарот, млн. ткм |
75430 |
25510 |
29727 |
| Перавезена пасажыраў, млн. чалавек |
147,2 |
141,1 |
150,1 |
| Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км |
16852 |
12505 |
15264 |
| Сярэдняя маса (брута) грузавога цягніка, т |
2758 |
2981 |
3098 |
т. 17, с. 299